Материалы сайта
Это интересно
Пачынальнік вялікай прозы (творчасць Ядвігіна Ш).
Ядвігін Ш. (сапраўдныя імя і прозвішча пісьменніка Антон Лявіцкі) увайшоў у беларускую літаратуру як навеліст, нарысіст, фельетаніст, перакладчык, аўтар аднаго з першых беларускіх раманаў. Пісаў ён на беларускай, польскай і рускай мовах. Першыя апавяданні пісьменніка лічацца мастацкімі апрацоўкамі, інтэрпрэтацыямі народных жартаў, анекдотаў, гутарак, казак, нагадваюць байкі ў прозе і характарызуюцца вострай сатырычнай скіраванасцю. У іх выкрываюцца зайздрасць, сквапнасць, празмерная цікаўнасць, забабоннасць і іншыя заганы чалавечай натуры. Героямі іх у большасці выпадкаў з'яўляюцца простыя людзі, сяляне, якім аўтар спачувае і якіх павучае з пазіцый народнай маралі. Так, у серыі гумарыстычных навел "Вучоны бык", "3 маленькім білецікам", "Пазыка", "Заморскі звер", "Цырк" сяляне трапляюць у даволі кур'ёзныя сітуацыі гарадскога жыцця, дзе паводзяць сябе па-дзіцячы наіўна, даверліва, неразважліва, часам алагічна (прымаюць чалавека за малпу, вераць у магчымасць вучобы бычка на чыноўніка, сушаць у партэры анучы, у цягніку замест вызначанага ў білеце месца займаюць туалет і інш.). Апавяданне "Рабы" з'яўляецца вострай крытыкай на людское хамства, блізарукае жыццё, "Падласенькі" — сатырай на тых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якія, вывучыўшыся на бацькоўскія грошы, адракаліся ад іх, "Важная фіга" — высмейваннем злых і сварлівых свякрух, "Дачэсныя" — выкрыццём сквапнасці, несумленнасці, няўдзячнасці, ашуканства. Пазнейшыя творы пісьменніка характарызуюцца большай рэалістычнасцю, сацыяльнай завостранасцю. Цяжкая доля вясковай жанчыны паказваецца ў апавяданнях "Гаротная" (пра шматпакутнае жыццё Тамашыхі), "Бярозка" (аб нялюбым замужжы і горкім лёсе Марысі), "Шчаслівая" (аб сквапнай жонцы, якая, падманутая мужам, памірае з думкай аб золаце ў гаршку, дзе на самой справе знаходзілася ўсялякае смецце). У цэнтры алегарычнага апавядання "Дуб-Дзядуля" вобраз мужыка, які ў сне шукае ваду старому дубу. Пошукі прыводзяць селяніна да трох азёр, ля якіх ён сустракае трох бабуль — Працу, Бяду і Цярпенне. Бабулі хочуць дапамагчы людзям, але іх вялікія намаганні не могуць пазбавіць чалавека поту, слёз і крыві. У апавяданні паказваецца цяжкі лёс беларускага селяніна, выказваецца шчырае спачуванне народу, мара аб яго лепшым будучым. Раман Ядвігіна Ш. "Золата" спалучае ў сабе рэалістычныя, рамантычныя і дэтэктыўныя прыёмы і сродкі і раскрывае тэму ўлады грошай, іх згубнага ўплыву на чалавека. Падзеі ў рамане адбываюцца на Беларусі пасля адмены прыгоннага права. Цэнтральнымі героямі з'яўляюцца Мікола Стрончык, яго дачка Зося, Васіль Дубінскі, Прузына Салянічышка, Алёкса Гуронак, карчмар Лейба. Сюжэт твора будуецца вакол дэманічнай па натуры Зосі. Яна кахае Алёксу, якога бацькі хочуць ажаніць з багатай Прузынай. Люта ненавідзячы сваю саперніцу, Зося робіць закаханага ў яе Васіля Дубінскага забойцам Прузыны (яна была кінута ў калодзеж). Падазроным жа ў злачынстве аказаўся не Васіль, а Алёкса, які з-за гэтага вымушаны эмігрыраваць ў Амерыку. Зося ў хуткім часе выходзіць замуж за Васіля, сумеснае жыццё для якога становіцца невыносным, трагічным. У стане афекту (калі нованароджаную дачку назвалі Прузынай) ён кідаецца ў калодзеж. Самагубства Васіля ўспрымаецца як божае пакаранне, помста за заўчасную смерць дзяўчыны. У рамане, як адзначалася ў крытычнай літаратуры, перавага аддаецца сюжэту, дзеянню, меладраматычным сцэнам, а не псіхалагічнаму раскрыццю вобразаў, раскрыццю сацыяльна-класавых канфліктаў, што, безумоўна, крыху зніжае мастацкія вартасці твора.